АЛЕРГІ́ЧНЫЯ ХВАРО́БЫ,

алергозы, група захворванняў, выкліканых імуннай рэакцыяй арганізма на экзагенныя (вонкавыя) алергены. Залежаць ад умоў, якія спрыяюць уздзеянню алергена на арганізм, а таксама ад спадчыннай схільнасці арганізма рэагаваць на алергены (выпрацоўваць асобныя антыцелы — рэагіны). У развіцці алергічных хвароб стадыя сенсібілізацыі змяняецца стадыяй клінічных праяўленняў: ацёк слізістых абалонак, скуры, падскурнай клятчаткі, раздражненне нерв. канчаткаў, спазмы гладкай мускулатуры, гіперфункцыя экзакрынных залозаў; у крыві выяўляецца зазінафілія; характэрна абарачальнасць тканкавых змен. Пры агульных рэакцыях (анафілактычны шок) магчымы смяротны зыход. Да алергічных хвароб адносяцца: бранхіяльная астма, сенная ліхаманка, крапіўніца, ацёк Квінке, алергічны рыніт, атыпічны і кантактны дэрматыты, лек. і харч. алергія, сываратачная хвароба, анафілактычны шок. Асобную групу складаюць аўтаалергічныя хваробы (гл. Аўтаалергія). Метады лячэння спецыфічныя (спыненне кантактаў з алергенамі, выпрацоўка антыалергічнага імунітэту) і неспецыфічныя (лячэнне лек. прэпаратамі).

Літ.:

Соколова Т. С., Рошаль Н.И. Аллергические заболевания. Л., 1990;

Пыцкий В.И., Адрианова Н.В., Артомасова А.В. Аллергические заболевания. 2 изд. М., 1991.

М.Ф.Сарока.

т. 1, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)